Вясновы настрой.
Вобраз Ярылы Ярыла ў язычніцкай міфалогіі ўсходніх славян – бог сонца, вясны і ўрадлівасці, кахання.
Гэты вобраз у народным уяўленні ўвасабляў абуджэнне прыроды пасля зімовага сну, змену зімовага холаду на веснавую квецень. У гонар Ярылы праводзіліся вясновыя святкаванні, якія суправаджаліся спевамі, пляскамі, карагодамі. У часы хрысціянства Ярыла заменены святым Юрыем. Ярыла – сімвал адвечнага росквіту вытворчых, жыццёвых сіл прыроды. Само слова паходзіць, відаць, ад слоў “яр, ярына, яравы”, што значыць веснавы, як яравая пшаніца ці жыта. Вобраз Ярылы шматбачлівы, як шматбачлівая вясна – то халодная, то цёплая, то дажджлівая, то сухая. Таму і ў народнай творчасці вобраз Ярылы ўвасоблены многімі узорамі. Адзін з іх паказвае Ярылу прыгожым хлопцам “у белай вопратцы і на белым кані; на галаве ў яго вянок, у руках каласы, ногі босыя. У Юр’яу дзень Ярыла па загадзе маці адмыкае вароты неба і на белым кані прыязджае на зямлю, а з яго ўзнікненнем пачынаецца сапраЎдная вясна. У гэты ж дзень упершыню выпускаюць скаціну ў поле. І ў наступныя дні, да канца красавіка, беларусы ўшаноўваюць Ярылу”. Яшчэ нядаўна святкаванне гэта суправаджалася карагодам, песнямі, потым папойкаю. “Дзяўчаты выбіраюць самую прыгожую, прыбіраюць яе Ярылам і садзяць на белага каня. Ярылу акружаюць не толькі дзяўчаты, а ўсе жыхары паселішча, старыя кіруюць карагодам, а ў кожнага з прысутных – вянок са свежых кветак. Ярыла едзе па засеяных нівах, а карагод спявае песні, дзе паказана, як народ разумее Ярылу, як той спрыяе ўрадлівасці зямлі і нараджэнню дзяцей. Так, ў адной песні гаворыцца: А дзе ж ён нагою – там жыта капою, А дзе ж ён не зырне – там колас зацвіце!”